План-канспект урока па беларускай літаратуры ў 5 класе
Тэма: Дзеці і вайна ў апавяданні Міхася Лынькова “Васількі”.
Мэта:
Далучыць вучняў да гістарычных старонак барацьбы, мужнасці, самаахвярнасці дзяцей у гады Вялікай Айчыннай вайны; садзейнічаць фарміраванню навыкаў звязнага выказвання, умення даць ацэнку прачытанаму, устанаўліваць сувязь паміж падзеямі і паводзінамі героя.
Задачы:
паглыбіць веды вучняў пра вайну;
праверыць ступень разумення вучнямі зместу апавядання М. Лынькова “Васількі”;
разгледзець учынкі героя, яго ўзаемаадносіны з іншымі персанажамі твора;
развіваць навыкі выразнага чытання.
Тып урока: урок вывучэння новага матэрыялу.
Абсталяванне: выстава кніг, выстава дзіцячых малюнкаў, партрэт Міхася Лынькова, сцверданні.
Эпіграф: Вайна – жорсткая рэч, яна цягне за сабой
несправядлівасць і злачынствы.
Плутарх
Ход урока
І. Арганізацыйны момант урока.
- Я вельмі рада бачыць вас на ўроку літаратуры. Скажыце, з якім настроем вы прыйшлі на ўрок? Пакажыце свой настрой усмешкамі. Добра. А зараз усміхніцеся мне, усміхніцеся нашым гасцям, усміхніцеся адзін аднаму. Вельмі добра, я спадзяюся, што такі настрой у вас захаваецца на цэлы ўрок, а з добрым настроем лягчэй і працаваць, таму я жадаю вам плённай працы і добрых адзнак.
ІІ. Паведамленне тэмы і мэты урока.
Сёння мы з вамі пачынаем вывучаць твор Міхася Лынькова “Васількі” і тэма нашага сённяшняга ўрока літаратуры гучыць так: “Дзеці і вайна ў апавяданні Міхася Лынькова “Васількі”.
Зараз адкрыйце сшыткі і запішыце тэму ўрока.
Сёння на ўроку мы з вамі звернемся да тэмы Вялікай Айчыннай вайны, прасочым які ўплыў яна аказала на жыццё людзей, прааналізуем учынак героя ў апавяданні “Васількі”.
Але спачатку давайце звернемся да эпіграфа нашага ўрока. Як вы яго разумееце? (Адказы вучняў).
ІІІ. Актуалізацыя апорных ведаў.
Сапраўды. Вайна… Самае жудаснае – вайна. Самае немагчымае – вайна. Калі мы вымаўляем гэтае слова, сэрца сціскаецца ад крыўды і болю. Колькі праліта слёз, скалечана лёсаў, колькі сірот і ненароджаных дзяцей!.. Напэўна, пра фашызм чалавецтва не забудзецца ніколі. Гэта добра, што жыве народная памяць сярод людзей, што ўвекавечана яна ў мемарыяльных комплексах, абелісках, кінафільмах і кнігах. Так важна, каб ніхто ў свеце не забываў пра жахі вайны, пра ахвяры і катаванні, пра боль і страх людзей, пра здзекі фашыстаў. Нездарма ж кажуць, што той, хто не памятае свайго мінулага, асуджаны зноў яго перажыць.
Дзеці, з якім словам у вас асацыіруецца слова “вайна”? запішыце ў сшытачкі. Зачытайце.
ВАЙНА
СТРАХ
КРОЎ
СЛЁЗЫ
ГОРА
АГОНЬ
ВЫБУХІ
СМЕРЦЬ
(Адказы вучняў)
- Паглядзіце, калі ласка, якое тлумачэнне слову “ВАЙНА” дае тлумачальны слоўнік.
(На дошцы змешчана тлумачэнне паняцця “вайна” з тлумачальнага слоўніка.)
Вайна. 1. Адкрытая ўзброеная барацьба паміж дзяржавамі, народамі, плямёнамі або грамадскімі класамі. 2. Стан варожасці, барацьба з кім-небудзь, чым-небудзь.
А як вы думаеце, каму найбольшы ўрон прынесла вайна? (Дзецям)
А з якімі словамі ў вас асацыіруецца слова “дзеці”?
ДЗЕЦІ
РАДАСЦЬ
УСМЕШКІ
КВЕТКІ
ЛАСКА
ДАБРЫНЯ
БУДУЧЫНЯ
ЖЫЦЦЁ
Параўнайце, калі ласка, асацыятыўныя рады “ВАЙНА” і “ДЗЕЦІ”. Што вы можаце сказаць?
(Адказы вучняў)
Шмат твораў паэзіі, прозы, драматургіі напісана на тэму Вялікай Айчыннай вайны. Яны, нібы салдаты ў баі, змагаюцца за Радзіму, яе мірнае неба, бо чалавек і зямля створаны для мірнага жыцця.
Я для вас падрыхтавала невялічкую выставу, дзе змешчаны вядомыя творы нашых беларускіх пісьменнікаў.
(Зварот да выставы кніг, карцін і дзіцячых малюнкаў).
Міхась Лынькоў таксама звяртаўся да тэмы вайны. Пра жыццёвы і творчы шлях пісьменніка падрыхтавала паведамленне Шэбека Аліна.
(Паведамленне вучаніцы)
Сапраўды, творчая спадчына пісьменніка багатая і цікавая (зборнікі “Сустрэчы”, “Астап”), аповесці, раман “Векапомныя дні”. Але калі б М.Лынькоў пакінуў нам толькі адно апавяданне “Васількі”, то ўсё роўна ён застаўся вядомым у памяці ўдзячных нашчадкаў. Бо гэта твор пра жыццё і смерць, мужнасць і гераізм, помсту і нянавісць да ворага.
Апавяданне было напісана пад уражаннем газетнага паведамлення Санінфармбюро ад 7 верасня 1941 года, у якім гаварылася: “У адным калгасе, недалёка ад Жлобіна, германскія афіцэры бязлітасна катавалі, а потым перабілі сям’ю рахункавода калгаса Тышкевіча, яго маці, сястру і дзвюх малых дачок. З усёй сям’і застаўся ў жывых толькі старэйшы, чатырнаццацігадовы сын Саша , якога ў гэты час не было дома. Убачыўшы знявечаныя трупы сваіх родных, Саша пайшоў у Жлобін. Праз некалькі дзён германскія войскі занялі горад. Саша дастаў ручную гранату і выйшаў на вуліцу. Ён цярпліва стаяў і сачыў за танкамі, артылерыяй і пяхотай, якія праходзілі міма яго. Калі паказалася невялікая штабная машына, у якой сядзела некалькі афіцэраў, Саша падбег і кінуў у машыну гранату. Выбухам былі знішчаны машына і ўсе германскія афіцэры. Азвярэўшыя фашысты на кавалкі рвалі цела героя, забітага асколкам гранаты”.
Сюжэт прачытанага вамі апавядання вельмі нагадвае прыведзенае паведамленне. Гэта значыць, што яно напісана на рэальнай жыццёвай аснове, што праўда жыцця пераўтворана пісьменнікам у вялікую праўду мастацтва.
IV. Праверка дамашняга задання
Дамашняе заданне было прачытаць апавяданне і падрыхтаваць малюнкі. (зварот да малюнкаў)
V. Фізкультхвілінка.
VІ. Аналіз апавядання
Дзе і калі адбываецца дзеянне ў творы і які настрой выклікае апісанне прыгожага летняга дня?
(Аўтарскае апісанне кранае сваёй замілаванасцю, цёплым лірызмам. Пейзаж у дадзеным выпадку – фон, на якім будуць разгортвацца падзеі, тыя абставіны, у якіх жывуць і дзейнічаюць героі).
Пра што спрачаюцца хлопчыкі, калі вяртаюцца з лесу, што іх асабліва хвалюе?
(Перад намі шчаслівыя, бесклапотныя дзеці. Яны вяртаюцца з лесу з поўнымі кошыкамі баравікоў. Пацешна любуюцца палётам бусла, якога Міколка называе сваім, бо птушка звіла гняздо на іх грушы-дзічцы. Але далей пісьменнік драматызуе сюжэт, уводзіць разважанні падлеткаў аб вайне: глуха гудзе зямля (с. 225), бачны частыя ўспышкі на захадзе, на ўсход эвакуіравалі жывёлу, аднавяскоўцы схавалі ў лесе боепрыпасы).
Давайце звернемся да апісанні грушы-дзічкі. (с. 226) Чаму аўтар не адразу паведамляе аб трагічным здарэнні?
(Каб паказаць, што героі жывуць у згодзе з прыродай, мы адчуваем захапленне аўтара прыгажосцю свету. Гэтак жа зачаравана багаццем, хараством свету і душа Міколкі – нашага галоўнага героя. Ён радуецца і праляцеўшаму буслу, і баравым грыбам, жнівеньскім васількам).
Знайдзіце, калі ласка, і зачытайце чаму рэзка змяняецца настрой хлопчыка? (с.226) Зачытайце апісанне грушы-дзічкі. (с.227)
(Сумная прырода сапраўды пакутуе разам з героем, не можа глядзець на злачынствы нелюдзяў. Пісьменнік будуе апавяданне на кантрастах святла і цемры, супрацьпастаўленні пачварнага і прыгожага, светлых пачуццяў радасці і жаху смерці. Дзякуючы гэтаму, аўтару ўдалося данесці да чытача, што крывавы меч вайны занесены не толькі над людзьмі, але і над прыродай).
Давайце з вамі прааналізуем псіхалагічны стан Міколкі, да каго ён звяртаецца за дапамогай?
Зачытайце іх дыялог-размову.
(Мы бачым старога чалавека, умудроннага вопытам, але бяссільнага, бездапаможнага ў такой сітуацыі. Ён не можа знайсці слоў суцяшэння для Міколкі, бо іх, відаць, немагчыма адшукаць у такім горы. І ён адпусціў малога дадому з такімі словамі: “Няхай ідзе, хоць выплачацца малое…”)
Што вырашае зрабіць хлопчык пасля размовы з дзедам Нупрэем?
(У яго засталося адно – помста).
Ці адпомсціў Міколка? Якім чынам?
А як бы вы паступілі ў такой сітуацыі?
Чаму апавяданне называецца “Васількі”?
(Васількі – адзнака пяшчоты, чуласці, спакойнага характару хлопчыка, яго духоўнай сілы).
VІІ. Заключнае слова настаўніка.
Колькі год ужо прайшло! Здаецца, час забыцца, адысці… Ды толькі як пра гэта забыцца? Вайна здаецца страшнай нават цяпер, з адлегласці ў амаль шэсцьдзесят тры гады…
Шмат усяго перажыла-перабачыла наша зямля. Яна стамілася ад войнаў. Стамілася… Чаму мы не памятаем пра тое, што людзі нараджаюцца для жыцця, для любові і кахання? І хочацца ўсклікнуць: “Хай гэта будзе ў апошні раз!”
Нам не забыць ні хат, ні нават траў,
Што супастатам спалены, стаптаны,
Благаславенне тым, хто ў бітве паў
За край, што для жыцця адваяваны.
Анатоль Астрэйка
Хвіліна маўчання.
VІІІ. Дамашняе заданне. Інструкцыя па яго выкананню.
Урывак з апавядання “Васількі” на памяць (з пачатку апавядання да слоў “Над купчастай імшарынай…”
ІХ. Выстаўленне адзнак.
Х. Рэфлексія.
На прыканцы нашага ўрока я хачу, каб вы закончылі такія сказы.
Я ўпэўніўся ў тым, што…
Я не думаю, што…
Я не хачу, каб…
Мяне трывожыць, што…
Вялікі дзякуй за ўрок. Да пабачэння!


План-канспект. 5 клас. Міхась Лынькоў. Васількі (55 KB)

