Тэма: Складаназалежныя сказы з даданымі акалічнаснымі часткамі прычыны, мэты. Паўтарэнне: правапіс прыставак, якія заканчваюцца на зычны.
Мэта: знаёмства з даданымі акалічнаснымі часткамі прычыны і мэты складаназалежнага сказа.
Задачы:
забяспечыць веданне вучнямі паняцця пра даданую акалічнасную частку ў саставе складаназалежнага сказа; садзейнічаць фарміраванню ўмення чляніць складаназалежныя сказы на часткі і вылучаць у іх даданую акалічнасную частку(прычыны, мэты); спрыяць развіццю пунктуацыйных, арфаграфічных і лексічных навыкаў; садзейнічаць выхаванню пачуцця калектывізму.
Форма правядзення: урок-падарожжа з элементамі даследавання.
Міжпрадметныя сувязі: беларуская літаратура
Папераджальнае заданне: вучням трэба знайсці з мастацкіх твораў прыклады складаназалежных сказаў
Эпіграф:
Цаніце кожнае імгненне,
кожны дзень жыцця,
бо гэта і ёсць самая галоўная
навука – сапраўднае шчасце.
В. А. Моцарт
Ход урока
Арганізацыйна-матывацыйны этап.
1. Стварэнне эмацыянальнага настрою. (Настаўнік чытае верш М.Танка “Шчасце”)
Простае шчасце людское,
Так, як і наша з табою,
Пэўна складаецца з солі,
З хлеба, сабранага ў полі,
З поту, дарожнага пылу,
З роднага небасхілу,
З дружбы, мацнейшай ад смерці,
З песні… І так мне здаецца:
Каб з чаго іншага скласці,
Дык ці было б яно шчасцем.
Якія думкі выклікаў у вас верш М. Танка “Шчасце”?
А што вы ведаеце пра Максіма Танка? Дзе ён нарадзіўся? (адказы вучняў)
Шчасце – шчаслівасць – шчаслівец – шчаслівы… Здаецца, такія простыя словы, а як многа патрабуюць ад нас. Простае шчасце людское... Якое яно? Сёння на нашым занятку я прапаную вам разабрацца ў гэтым філасофскім паняцці, для гэтага я прапаную адправіцца ў завочнае падарожжа ў пошуках зоркі пад назвай «Шчасце». Кожны з вас знойдзе сваю зорку і будзе, я спадзяюся, у гэтае імгненне самым шчаслівым, таму што ў яго ўсё атрымалася, бо ўсё зрабіў, аб усім даведаўся. У час падарожжа мы будзем рабіць розныя прыпынкі і вырашаць тыя заданні (ці пераадольваць перашкоды на шляху да пастаўленай мэты), якія будуць узнікаць. I калі мы ўсяго дасягнём, значыць, і спаткаемся са сваёй зоркай.
А нашай пуцяводнай зоркай будзе зорка пад назвай «Шчасце». Дык пажадаем адзін аднаму поспеху ў пошуках гэтай зоркі і ў рабоце на ўроку.
Арфаграфічная хвілінка “Правапіс прыставак, якія заканчваюцца на зычны.”. Тлумачальны слоўнікавы дыктант.
Расчапіць(палена), раззбраенне, безжурботна, бяззубы, расшчодрыцца, бясстрашны, абамлець, рашчыніць(цеста), расстанне, абаперціся, расольнік, расчыніць(вокны), расшпілены, расол, аддзяліць.
Актуалізацыя апорных ведаў.
Суаднясіце сказы з іх тыпамі паводле даданай часткі (табліца выведзена на слайд; 1Г, 2Д, 3А, 4Б, 5В).
Сказ
Тыпы даданай часткі
З таго краю лесу, дзе рос алешнік, выплыў туман.
А) Даданая акалічнасная частка часу
Неба яшчэ чырванела там, дзе зайшло сонца.
Б) Даданая дапаўняльная частка
Вясной, як забуяюць росы, зашуміць, загойдае калоссе.
В) Даданая акалічнасная частка ўмовы
Міколка вельмі хацеў ведаць, што прынёс бацька.
Г) Даданая азначальная частка
Калі б сабраць усе платы, праз акіян ляглі б масты.
Д) Даданая акалічнасная частка месца
Класс дзеліцца на 3 групы. Пабудуйце сказы паводле прыведзеных схем. 1 група – 1,2 схема; 2 група – 3,4 схема; 3 група – 5,6 схема. Да якога тыпу адносяцца даданыя часткі гэтых сказаў?
[…туды], (дзе…).
[…тады], (калі…).
[…наз.], (які…).
[…там], (куды…).
[-х-], (каб…).
[…наз.], (што…).
Папераджальнае заданне. “Паэтычная старонка”.Вучням трэба знайсці з мастацкіх твораў прыклады складаназалежных сказаў. Калі ёсць падрыхтаваныя вучні, зачытваюць тое, што знайшлі.
Мэтавызначэнне. Паведамленне тэмы ўрока.
Папрацуем з тэкстам эпіграфа.
Вызначце часткі сказа.
Пабудуйце схему сказа.
Скажыце, у якіх адносінах знаходзяцца часткі ў сказе. (Адна частка залежыць ад другой.)
Як называецца такі сказ?
Вызначце, калі ласка, галоўную і даданую часткі ў складаназалежным сказе (суправаджаецца схемай).
Назавіце даданы член сказа, пытанне якога вы паставілі да даданай часткі складаназалежнага сказа.(Акалічнасць.)
Успомніце, калі ласка, што такое акалічнасць.
Што абазначае акалічнасць і на якія пытанні адказвае?
На пытанне якога члена сказа адказвае даданая частка сказа-эпіграфа? (На пытанне акалічнасці. Даданая прычыны)
Знаёмства з новай тэмай.
Выкарыстоўваючы правілы на с. 103-104 і на с. 107, запоўніце “белыя плямы” ў табліцы:
| Від даданай часткі | Адказваюць на пытанні | Паясняюць у галоўнай частцы | Злучнікі і злучальныя словы |
| Даданая частка прычыны | ч а м у? па я к о й п р ы ч ын е? | выказнік; спалучэнне выказніка са сло-вам таму, ад таго, з-за таго | бо, таму што, што, а то, як, ад таго што, з-за таго што |
| Даданая частка мэты | для ч а г о? з я к о й м э т а й? н а в о ш т а? | выказнік; спалучэнне выказніка са сло-вам для таго, з тым | каб, абы, для таго каб, з тым каб |
2. Работа па варыянтах.
Усёй душой і сэр..цам мы любім сваю зямлю, бо тут пазналі ..першыню ..часце ж..ць.
Трэба дома бываць часцей, каб не страціць святое штос..ці
Заданні:
У прапанаваных складаназалежных сказах ахарактарызуйце від даданай часткі: што яна паясняе ў галоўнай?
Растлумачце пастаноўку знакаў прыпынку ў сказе, пабудуйце яго схему.
Устаўце прапушчаныя літары.
(Праверка выканання задання)
Фізкультхвілінка.
Замацаванне.
Трэніровачна-карэкцыйны этап.
Зорка Венера ўзышла над зямлёю,
Светлыя згадкі з сабой прывяла.
Помніш, калі я спаткаўся з табою,
Зорка Венера ўзышла.
• Пра які час жыцця нагадвае М. Багдановіч? (Пра маладосць, калі ўпершыню прыходзіць пачуццё кахання.)
Мы працягваем наша падарожжа, каб знайсці сваю шчаслівую зорку. Гэты прыпынак умоўна назавём «Маладыя гады». Як казаў М. Багдановіч: «Маладыя гады, маладыя жаданні, ні бяды, ні нуды, толькі шчасце кахання». Сапраўды, чалавек, які пакахаў, шчаслівы. Але дарога да шчасця і кахання таксама цярністая, на ёй сустракаюцца розныя перашкоды. Юнак ці дзяўчына, якія хочуць знайсці сваю зорку шчасця ў каханні, заўсёды будуць імкнуцца да гэтага і вырашаць усе праблемы, што сустрэнуцца на іх шляху. Паспрабуем і мы вырашыць пастаўленыя задачы на гэтым этапе ўрока і выканаць заданні рознага тыпу.
Заданне 1. Пераклад сказаў на беларускую мову.
Из всех путей, которые ведут к счастью, самые верные – труд и упорство.
Самый счастливый человек тот, кто дарит счастье наибольшему числу людей.
Человек, делающий других счастливыми, не может сам быть несчастным.
Заданне 2. Практыкаванне 94 с. 104-105. Дапоўніце сказы даданай акалічнаснай часткай (вусна). Пасля выканання на слайд выводзіцца яшчэ адзін сказ.
Жыццё даецца, ... (...каб жыццё тварыць.)
Так, сапраўды, як казаў А.Вярцінскі: «Жыццё даецца, каб жыццё тварыць. Надзеяй, праўдай, мужным парываннем, высакародным дружным намаганнем, што потым зоркай у вяках гарыць». Наша падарожжа ў пошуках зоркі шчасця працягваецца. I ўсе мы разам апынуліся на заключным прыпынку пад назвай «Шчасце жыцця».
«Шчасце ёсць справа лёсу, розуму і характару. Шчасце неабходна ўсім, але якое? Ёсць шчасце — выпадак, а ёсць яшчэ нешта іншае», — казаў А. Карамзін. Кожны разумее шчасце па-свойму. А як жа разумеее яго вы?
Кантрольна-карэкцыйны этап. Тэставая работа.
А) Адзначце складаназалежныя сказы:
Віктар, калі вучыўся ў школе, не надта захапляўся фізкультурай.
У коміне стогне вецер, і гэтанайлепшы акампанемент для чытання.
Ён спрабаваў гукаць – ніхто не адказвае.
Барвы павялых лісцяў і развітальныя крыкі журавоў – характэрныя прыметы восені.
Чулае матчына сэрца адгадвала тое, чаго так часта не можа прадбачыць нават сталы розум.
Б) Адзначце складаназалежныя сказы з даданымі азначальнымі часткамі.
Лета ў нас такое сталася, што не ў памяць і старым.
Я рад, што ідзе з-за акіяна насустрач сонца да мяне.
У чалавека заўсёды жыве ўдзячнасць да тых, хто рабіў калі яму дабро.
Сям’я перабралася ў вёску, адкуль маці родам.
Лабановіч вярнуўся дамоў у надзеі, што зноў сустрэне дзяўчыну.
В) Адзначце складаназалежныя сказы з даданымі акалічнаснымі часткамі часу.
Калі вясною закукуе зязюля ў лесе раніцою, ты прыгадай вясну другую, бары на Міншчыне маёй.
Надыходзіла такая перадвечаровая часіна, калі ўсё сцішаецца вакол.
Муляр Цыпрыян апавядаў Алёшу, як калісьці яны закладвалі Дом урада.
Як пахне мёдам поле грэчак, калі яны пачнуць цвісці.
Аж прагінаецца бетон, як самалёт садзіцца цяжка.
Г) Адзначце складаназалежныя сказы з даданымі акалічнаснымі часткамі прычыны.
Калі партызаны мінулі Сушкава, дарога пайшла полем.
Весяляцца старыя і дзеткі, шт прыбытак ад працы ў іх гэткі.
Я нецярпліва пазіраю ў акно, чакаючы, калі пройдзе дождж.
Тады я ж нічога не баяўся, бо нічога не ведаў.
Якое поле, такі і ўраджай.
Д) Адзначце складаназалежныя сказы з даданай дапаўняльнай часткай (часткамі).
1. Максім адчуваў, як закіпае ў глыбіні грудзей злосць, і намагаўся задушыць яе.
2. Узышоўшы на другі паверх, наведвальнікі траплялі ў змрочны шырокі калідор, дзе размяшчалася гардэробная, і ўжо адсюль адчынялі дзверы ў аддзелы.
3. Зусім забыўся Голуб, дзе ён, захапіўся малюнкамі ціхага поля.
4. У таямнічым падводным царстве, куды патанула прынада, прачнулася далікатная прыгажуня плотка.
5. У цішыні было добра чуваць, як між рыпу ўключын звонка сцякаюць цуркі з вёслаў на ўздыме і плюскоча вада за кармой.
Адказы: А – 1,5; Б – 1,4,5; В – 1,4,5; Г – 2,4; Д – 1,3,5.
Падвядзенне вынікаў.
Вось і заканчваецца наша завочнае падарожжа па жыцці ў пошуках зоркі шчасця. I гэты апошні прыпынак мы назавём «Жаданае шчасце». Як вы думаеце, ці ўдалося наша падарожжа?
З дошкі зачытваюцца наступныя выказванні:
Хлеб і соль — сімвалы жыцця і дабрабыту.
Родны небасхіл — Радзіма, да якой заўжды вяртаецца кожны.
Дружба — тое, што дапамагае нам быць моцнымі і ўпэўненымі.
Песня — тое, што робіць жыццё прыгожым і вясёлым.
Сапраўды, без усяго гэтага шчасце немагчыма. I я спадзяюся, што ўсё гэта ў вас ёсць, а калі і не, то абавязкова будзе.
Ці згодны вы з думкай, што, каб знайсці сваё шчасце ў жыцці, трэба да яго імкнуцца?
Рэфлексія “Сінквейн”.
Скласці сінквейн да слова “шчасце”.
6


Урок беларускай мовы (88 KB)

