План-канспект урока беларускай мовы ў 5 класе
Тэма: Неразвітыя і развітыя сказы
Мэта: стварэнне ўмоў для фарміравання ведаў пра будову простага неразвітага і развітага сказаў
Задачы:
навучыцца адрозніваць простыя неразвітыя ад простых развітых сказаў і дапаўняць неразвітыя сказы даданымі членамі сказа;
выявіць ролю неразвітых і развітых сказаў у маўленні;
развіваць творчыя і камунікатыўныя навыкі;
развіваць арфаграфічную пільнасць;
садзейнічаць выхаванню беражлівых адносін да прыроды.
Тып урока: камбінаваны ўрок.
Абсталяванне: вучэбны дапаможнік для 5 класа, раздатачны матэрыял з заданнямі, карціна Міхаіла Іваненкі “Асенняя мелодыя”.
Ход урока
І. Арыентацыйна-матывацыйны этап
Псіхалагічны настрой вучняў на ўрок.
Вось ужо звінеў званок,
Запрасіў нас на ўрок.
Добры дзень, я вас вітаю,
Да заняткаў запрашаю.
Хай занятак будзе плённым,
І цікавым, і натхнёным.
Поспехаў я вам жадаю,
Калі што – я паспрыяю.
Паведамленне тэмы ўрока. Мэтавызначэнне
Слова настаўніка: Тэма нашага ўрока: “Неразвітыя і развітыя сказы”. Звернем увагу на правільную пастаноўку націску.
Сёння кожны з вас павінен навучыцца размяжоўваць неразвітыя і развітыя сказы і выяўляць іх ролю ў маўленні.
Дзеці, дапамажыце мне размеркаваць карткі: што мы ведаем, што ўмеем, аб чым даведаемся і чаму навучымся.
Ведаем: 1) галоўныя члены сказа;
2) даданыя члены сказа;
умеем: 1) вызначаць галоўныя члены сказа;
2) вызначаць даданыя члены сказа;
даведаемся: неразвітыя і развітыя сказы;
навучымся: 1) складаць неразвітыя і развітыя сказы;
2) знаходзіць у тэксце неразвітыя і развітыя сказы.
Праверка дамашняга задання (практыкаванне 169)
Актуалізацыя ведаў
Слова настаўніка: Назавіце галоўныя члены сказа. На якія пытанні адказвае дзейнік? Выказнік? Як яны падкрэсліваюцца ў сказе?
Дапоўніце: даданыя члены сказа – гэта…
На якія пытанні адказвае дапаўненне? Азначэнне? Акалічнасць?
Як даданыя члены падкрэсліваюцца ў сказе.
ІI. Аперацыйна-пазнавальны этап
Слова настаўніка: Звернемся да падручніка на старонцы 103. Пазнаёмімся з правілам.
Першы абзац чытае 1 вучань, другі абзац чытае 2-гі вучань, трэці абзац – трэці.
-Які вывад мы зробім з прачытанага правіла?
- Дзеці, я прапаную наш урок прысвяціць …
А чаму мы прысвецім наш урок, падкажа загадка:
Лісты рознакаляровымі сталі і з дрэў упалі. Значыць гэта да нас прыходзіць і дажджы з сабой прыносіць…? (Восень)
- Сёння мы з вамі будзем гаварыць пра восень.
У вас на сталах ляжаць карткі з заданнямі. Давайце звернемся да задання пад нумарам 1.
Адзін вучань ідзе да дошкі выконваць гэтае заданне.
Заданне 1: Запісаць сказы, падкрэсліць граматычную аснову. Назваць неразвіты і развіты сказы
Спадцішка падкралася залатая восень. Ападае лісце.
Ці зразумела вам слова “спадцішка”? Хто можа з класа растлумачыць значэнне гэтага слова? Падабраць сінонім?
Давайце запішам гэта слова: спадцішка – ціха, непрыкметна.
Заданне 2. Даць загаловак тэксту. Вызначыць тып маўлення. Уставіць арфаграмы, выпісаць неразвіты і развіты сказ.
Восень. Пр…рода змяняе свае фарбы. Лісты жаў...еюць. Дзьме х…лодны ве…ер.
(Адзін вучань чытае ўмову і сам тэкст.)
Адказы вучняў
Фізкультхвілінка
Устаньце, дзеткі, усміхніцеся,
Зямлі нашай пакланіцеся
За шчаслівы дзень учарашні.
Усе да сонца пацягніцеся,
Улева, управа нахіліцеся,
Верацёнцам пакруціцеся.
Раз прысядзьце, два прысядзьце
І за парты ціха сядзьце.
Заданне 3.
Слова настаўніка: Давайце звернемся да карціны. Аўтарам гэтай карціны з’яўляецца мастак Міхаіл Аляксандравіч Іваненка. Ён удзельнічаў ў шматлікіх выставах у Еўропе. Карціны мастака знаходзяцца ў мастацкіх галерэях Расіі, ЗША, Еўропы.
Якую пару года вы бачыце на карціне? Як мог назваць сваю карціну мастак? Апішыце карціну.
Прыем “Канструктар сказа”: У вас на сталах ляжаць канверты з заданнямі. На лістах дадзены словы, з якіх вы павінны скласці сказы. Гэтыя сказы звязаны з нашай карцінай.
Зачытайце, якія сказы ў вас атрымаліся. У каго атрымаліся іншыя сказы?
Запішыце сказы і дапоўніце іх даданымі членамі.
Наступіла восень.
Лісце ападае.
Дрэвы пажаўцелі.
III. Кантрольна-ацэначны і рэфлексійны этап
Восень у госці да нас прыйшла і з сабою прынесла …? Што? Скажыце наўздагад, ну вядома… (лістапад)
У нас на сталах ляжаць рознакаляровыя лісты, з дапамогай якіх мы будзем правяраць наш тэст: А)чырвоны Б)жоўты В)аранжавы
Выкананне тэста на картках
Сказы, у склад якіх уваходзіць толькі дзейнік і выказнік, называюцца :
а) развітымі;
б) неразвітымі;
2. Сказы, у якіх, акрамя дзейніка і выказніка ёсць даданыя члены, называюцца:
а) развітымі;
б) неразвітымі;
3. Адзначце неразвітыя сказы:
а) Дождж пайшоў;
б) Наступіла залатая восень;
в) Вецер шуміць.
4. Адзначце развітыя сказы:
а) Насоўваецца хмара;
б) Лінуў моцны дождж;
в) Падуў моцны вецер.
Праверка тэста. Гэтыя лісточкі пакіньце сабе на памяць аб нашым ўроку. Можаце выкарыстаць іх у якасці закладак.
Рэфлексія
Слова настаўніка: Ці памятаеце вы, што такое фразеалагізм?
Фразеалагізм – гэта ўстойлівыя спалучэнні слоў з непадзельным значэннем.
На дошцы запісаны фразеалагізмы, звязаныя з працоўнай дзейнасцю. Кожны вучань падбірае фразеалагізм, які адпавядае яго працы на ўроку.
Падыміце лісты тыя, хто лічыць, што гэты фразеалагізм адносіцца да вас.
Каша ў галаве -блытана разважаць
Маланкаю смаліць-нешта хутка рабіць
Да сёмага поту-добра працаваць
Дамашняе заданне, яго тлумачэнне.
Параграф 24, практыкаванне 176 або практыкаванне 173.
Выстаўленне і каменціраванне адзнак.